Паходы Альгерда: як ВКЛ стала наймацнейшай дзяржавай Сярэднявечча

Самыя значныя перамогі вялікі князь здзейсніў над Масковіяй. Альгерд быў сынам князя Гедзіміна. Ён ажаніўся з віцебскай князёўнай Марыяй Яраслаўнай і неўзабаве стаў княжыць у Віцебску. Альгерд таксама меў вялікі ўплыў на Полацак, дзе ўладарыў ягоны сын Андрэй. Пазней Альгерд атрымаў ад бацькі Крэўскае княства. Усё гэта давала яму падставы лічыць сябе прэтэндэнтам на вялікакняскую карону. Аднак пасля смерці Гедзіміна пасад заняў Яўнут, малодшы брат Альгерда, піша belhistory. com. Разам з іншым братам Кейстутам Альгерд у 1345 г. выступіў супраць улады Яўнута, які быў узяты ў палон. Кейстут захапіў Вільню, але прызнаў гаспадаром Альгерда, што кантраляваў большую частку дзяржавы. Сам Кейстут застаўся кіраваць у заходняй частцы Вялікага Княства Літоўскага. Рыцар, які наведаў Вільню ў складзе нямецкага пасольства, пісаў пра Альгерда: «У князя велічны пагляд, вочы блакітныя, валасы светла-русыя. Рост ён мае вышэйшы за сярэдні, гаворыць гучна і выдатна ездзіць на кані». Альгерд добра ведаў нямецкую мову, але з крыжацкімі пасламі заўсёды гаварыў праз перакладчыка.