![]()
Глыбоцкі майстр прадставіў у горадзе Камп’е свае эксклюзіўныя вырабы з дрэва. «Пагоня» – драўляная цацка глыбоцкага майстра Віктара Дудкевіча карысталася найбольшай папулярнасцю ў Францыі, перадае «Радыё Рацыя». У горад Камп’е метадыст па дрэве Глыбоцкага дома рамёстваў паехаў на фэст старажытных рэканструкцый разам з калегамі з Польшчы. Там ён прадстаўляў свае вырабы з дрэва – рэканструкцыі беларускіх цацак ранняга Сярэднявечча. Як кажа Віктар Дудкевіч, цацак да фэсту ён зрабіў шмат, і на французскую тэматыку, але большай папулярнасцю карысталіся ўсё ж цацкі, зробленыя ў беларускіх традыцыях: – Былі звычайныя цацкі ранняга Сярэднявечча, зрабіў некалькі лыжак у выглядзе Эйфелевай вежы. Яны карысталіся там поспехам, але ніхто так іх і не купіў. Усе паказвалі, што класна, фатаграфавалі іх, а большай папулярнасцю карысталася нашая беларуская рухомая цацка «Пагоня». Віктар Дудкевіч робіць не толькі драўляныя цацкі Сярэднявечча, але і цацкі беларускіх міфалагічных, казачных істотаў ды яшчэ розны іншы эксклюзіў.