![]()
Чаму вас зацікавіць прэм’ера Купалаўскага. У Купалаўскім тэатры прэм’ера — галоўны рэжысэр Мікалай Пінігін паставіў адну з самых знакавых п’ес Шэкспіра «Кароль Лір», пiша Васіль Дэ Эм для «Радыё Свабода». Новы спэктакль, безумоўна, будзе мець у нас вялікі посьпех. Бо як жа: адным з галоўных адмоўных герояў тут выступае байструк Эдмунд (бліскучая роля Івана Труса), які робіць усё, каб узяць уладу ў свае рукі, і перад гэтым ня спыніцца ні перад чым. Назіраеш за тым, як гэты гнюсны гітлерападобны тып набліжаецца крок за крокам да запаветнай мары — і хоцькі-няхоцькі праводзіш адпаведныя аналёгіі з нашай рэчаіснасьцю. Іван Трус настолькі бліскуча ўвасобіў вобраз нягодніка і злачынцы, што па сутнасьці стаў сапраўдным героем першай дзеі спэктаклю. Дзіва дзіўнае, але нават такі харызматычны артыст, як Віктар Манаеў (Кароль Лір), адыходзіць у цень, калі на сцэне інтрыгуе, забівае, нагаворвае, спакушае і лютуе Іван Трус у вобразе Эдмунда. Першая дзея нагадвае сапраўдны трылер. Трымае ў напрузе імклівасьць дзеяньня, графічная вастрыня акторскай ігры, нечаканыя рэжысэрскія прыдумкі, як, напрыклад, эпізод, калі кароль Лір дзеліць каралеўства і разрывае пры гэтым, як кавалкі мяса, свой крывавы плашч, часткі якога забіраюць хцівыя дочкі Рэгана і Ганэрылья.