Уладзімір Някляеў: Лукашэнка мне - ніхто! Беларусь мне - Айчына!

Слова ў судзе за пратэст супраць гандлю незалежнасцю Беларусі. Прапануем вам Слова ў судзе за пратэст супраць гандлю незалежнасцю Беларусі, якое беларускі паэт і адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Уладзімір Някляеў даслаў novychas. by:- Лукашэнка мне — ніхто! Беларусь мне — Айчына! Я не толькі маю права — я абавязаны бараніць яе. Любымі сродкамі і ўсімі сіламі. Паводле Канстытуцыі (Артыкул 57): «Абарона Рэспублікі Беларусь — абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь». І, як магу, я бараню Айчыну, бо яе прадаюць, а мяне за гэта судзяць. Бо, аказваецца, на тое, каб бараніць Беларусь, трэба мець дазвол тых, хто яе прадае. І суд мне кажа, што іх воля — па-над Канстытуцыяй, над маім правам і маім абавязкам. Як я магу давяраць такому суду? Суддзя, калі ён грамадзянін Беларусі, мусіў стаяць побач са мной на Плошчы і казаць «не!» злачыннаму, здрадніцкаму гандлю Айчынай. Гандлю нашай вадой і зямлёй, жыццямі нашых дзяцей і магіламі нашых продкаў. А суддзя стаіць насупраць мяне ў судзе і кажа, што я злачынца.