![]()
Кожнаму беларусу трэба ўспомніць, што яна ў нас ёсць! Што яна наша! І што яна нам патрэбная! Беларусы апошнім часам ужо звыкліся, што пад Новы год іх чакаюць з боку ўладаў вельмі экстравагантныя сюрпрызы. І гэта можа быць што заўгодна. І чарговы скок даляра, і так званая дэнамінацыя, і падвышэнне коштаў на што заўгодна, і ўсяго не пералічыш. Бо пад Новы год такія рэчы рабіць найзручней. Бо Новы год для беларусаў, ужо з даўніх часоў, свята асаблівае, масавае, і нават усенароднае. А там і Каляды, і каталіцкія, і праваслаўныя Каляды, а там і Стары Новы год…Людзі занятыя закупкамі, пошукам падарункаў і другімі прыватнымі справамі. Кожны намагаецца з апошніх сілаў зрабіць прыемнае сваім блізкім і родным. Таму іншыя праблемы ўспрымаюцца неяк мімаходзь. Не так глыбока як трэба, нават, калі гэта нейкая паглыбленая інтэграцыя…Няма калі пра іх думаць. Таму самы зручны час тыя рэчы і падкінуць у грамадства. А пасля святаў ужо позна пратэставаць ці абурацца. Нічога ўжо не памяняеш. Як гаворыцца, цягнік пайшоў.