Вечны пароль

Каліноўскі не загінуў, жыве ў кожным з нас. Тэму роздуму падказала назва маёй новай паэмы — «Вечны пароль», дзе галоўным героем выступае просты беларус. Планетарныя падзеі змушаюць звяртацца да гісторыі Айчыны, бачыць дасягнутае і драматызм памылак продкаў, значнасць нацыянальнага патэнцыялу, які нам трэба рэалізаваць. У красавіку 1991 года я апублікаваў эсэ «Беларускае сэрца». Праз два гады пад такой назвай выйшла кніга. Мяркую, што думкі, выкладзеныя ў ёй, не састарэюць ніколі. Вось яны: «Роднае, роднасць… Якой неспасцігальнаю таямніцаю людской трываласці, якім глыбокім і высокім сэнсам жыцця поўняцца такія звыклыя словы! Вось чаму незатаптанае, нездратаванае нацыянальным нігілізмам і манкурцтвам беларускае сэрца абдымае сваёй любоўю і, як сказаў волат айчыннае духоўнасці, геніяльны Францішак Скарына, «вялікаю ласкаю» ўсё блізкае, крэўнае. Высокія пачуцці прымушаюць сэрца сапраўднага беларуса біцца часцей, калі ён успамінае пра сваю далучанасць да нашай шматпакутнай, сціплай і такой прыгожай, шчодрай зямлі, да ўзгадаванага на ёй самаахвярнага, цярплівага, трывушчага, працавітага, таленавітага і мужнага народа — сваёй вялікай радні, да роднае мовы, культуры.