Павел Севярынец: Чым больш беларусаў выйдзе, тым больш народу прачнецца

29 снежня а 12-й гадзіне ў Менску будзе шэсце, мітынг, будуць новыя формы пратэсту. Як гром сярод зімовага неба прагучалі заявы расейскага прэм’ера Дзмітрыя Мядзведзева пра тое, што ўжо узгоднена 30 так званых дарожных мапаў па паглыбленай інтэграцыі. Застаецца апошняя, над якой ідзе праца, і яна тычыцца стварэння адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай валюты і наднацыянальных органаў кіравання. У размове з Радыё Рацыя сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, адзін з арганізатараў некалькіх нядаўніх пратэстаў супраць паглыбленай інтэграцыі Павел Севярынец сказаў, што зараз з’яўляецца маса інфармацыі пра тое, што незалежнасць Беларусі рыхтуюцца здаць:– Нават, калі будуць падпісаныя 30, а не 31 дарожная карта, гэта будзе здача. Таму 29 снежня а 12-й гадзіне заклікаем беларусаў выходзіць на Кастрычніцкую плошу – плошчу Каліноўскага ў Менску. Будзе шэсце, будзе мітынг, будуць новыя формы пратэсту, будзе іншы гук. І таксама мы заклікаем усіх беларусаў выходзіць па сваіх гарадах.