Біскуп Алег Буткевіч: Божага благаславенства, святла і радасці на надыходзячыя святы

Біскуп Віцебскай дыяцэзіі павіншаваў вернікаў са святам Раства Хрыстовага. 25 снежня каталікі, пратэстанты і частка праваслаўных святкуюць Раство Хрыстова. А напярэдадні свята людзі ладзяць Куццю і ўспамінаюць, што добрага і вартага зрабілі яны за мінулы год. А таксама просяць прабачэння ў сваіх родных і знаёмых за дрэнныя ўчынкі і словы напярэдадні свята падчас вігілійнай вячэры пры дзяленні аплаткамі. Як кажа для «Радыё Рацыя» біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, толькі прынятая людзьмі Божая любоў, ласка і міласэрнасць дапаможа пераадольваць цяжкасці, непаразуменні і складаныя сітуацыі ў жыцці. Таму ён жадае, каб Божая любоў заўсёды панавала ў іх сэрцах:– З нагоды надыходзячага свята Божага нараджэння хачу шчыра павіншаваць з гэтым вялікім святам, з гэтай вялікай падзеяй. Пажадаць глыбокай веры, перадусім веры ў Божую моц, але і ў людскую дабрыню, міласэрнасць, прабачэнне, у тое, што чалавек усё ж такі здольны на добрае. Хачу пажадаць, каб гэтую дабрыню, закладзеную ў кожнага чалавека Богам, мы змаглі праявіць, каб верылі больш у дабро ў гэтым свеце, чым у зло.