Трэба рабіць тое, што падказвае сумленне

Самае галоўнае цяпер — не маўчаць. Казаць пра небяспеку і сваю нязгоду з таемнымі планамі ўладаў. Бо калі мы не выкажам свайго меркавання, яго не пачуюць. Менавіта маўчання дабіваюцца ад нас улады. Напярэдадні акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй, якая мае адбыцца 20 снежня на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, беларусаў сталі запалохваць. Пачалося ўсё 18 снежня з затрыманняў актывістаў і кіраўнікоў пратэстаў, якія прайшлі ў сталіцы 7 і 8 снежня. Спачатку каля дому супрацоўнікамі АМАПу быў схоплены сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Павел Севярынец. Доўгі час пра месца яго знаходжання не паведамлялі нават маці і жонцы. Справа праяснілася толькі к вечару, калі сам палітык змог патэлефанаваць родным і распавесці, што на яго за гэты час паспелі скласці два пратаколы, асудзіць, прызначыўшы 15 сутак пакарання, правесці «прафілактычную гутарку» на камеру ў сутарэннях Савецкага РАУСа і адпусціць. Тым часам стала вядома, што затрыманыя таксама актывісты кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі і Яўген Афнагель, а таксама лідар «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч.