Жульніцкая дзяльба не застанецца вечнай

Практыка перамагае прапаганду. Як бы правіцель, чыноўнікі і афіцыйныя СМІ ні расхвальвалі аўтарытарную дзяржаву, а яе сутнасць застаецца нязменнай — гэта шчодрая кармушка для начальнікаў і механізм прыгнёту, цынічнага выкачвання грошай з астатніх, звычайных грамадзян. Сэнс майго роздуму палягае не ў тым, каб разглядаць сацыяльны канфлікт паміж беднымі і багатымі людзьмі. Заўсёды трэба памятаць, што паняцце справядлівасці прадугледжвае не маёмасную і грашовую роўнасць усіх людзей, бо яны маюць неаднолькавыя фізічныя і разумовыя дадзеныя, а толькі стварэнне ўмоў для самарэалізацыі кожнага працаздольнага чалавека. Акрамя таго, дзяржава абавязана клапаціцца пра інвалідаў, старых людзей і дзяцей, забяспечваць ім магчымасць прыстойнага жыцця. Калі маёмасць і грошы нажыты законным чынам, то — на здароўе. Пасля савецкай ураўнілаўкі, якая ўсім абрыдла, суайчыннікі пачалі з разуменнем ставіцца да прыватнай уласнасці. Грамадства, хіба толькі за выключэннем хранічных алкаголікаў і наркаманаў або лайдакоў-люмпенаў, стала паважаць ініцыятыўных, працавітых людзей.