![]()
Ён нарадзіўся Каляднай ноччу ў фальварку пад Наваградкам. Паэт Адам Міцкевіч — у сузор’і самых славутых нашых суайчыннікаў. Ягоная радзіма — Наваградчына, адзін з найпрыгажэйшых куткоў Беларусі. Гэты край мае багатае мінулае. Тут стваралася Вялікае Княства Літоўскае, адбываліся іншыя значныя гістарычныя падзеі. Даўніна і непаўторная прырода наваградскай зямлі ўсё жыццё заставаліся ў памяці Адама, натхняючы яго на геніяльныя творы. Міцкевіч пісаў па-польску, але з дзяцінства выдатна ведаў і высока цаніў беларускую мову. Уся ягоная творчасць дыхае легендамі і паданнямі, звычаямі і абрадамі беларусаў-ліцьвінаў. «Радзіма Літва! Як здароўе, так ты, дарагая», — так пачаў Адам Міцкевіч сваю паэму «Пан Тадэвуш». «Наваградчына, край мой дарагі»Адам з’явіўся на свет у беларускай шляхецкай сям’і роду Рымвідаў-Міцкевічаў Каляднай ноччу 1798 года. Гэта здарылася ў фальварку Завоссе Наваградскага павета. Захавалася паданне, што павітуха, якая прымала роды, моцна верыла ў прыкметы і адрэзала немаўляці пупавіну на кнізе.