Сяргей Законнікаў: Трэба лавіць хамелеонаў за руку

Час пераканаўча паказаў заганнасць аўтарытарнай сістэмы і яе праколы. Падзеі апошняга часу, як на рэнтгене, высвечваюць прыстасавальніцкую, мітуслівую сутнасць мясцовага аўтарытарызму. На фоне гістарычнай праўды смешнымі і вартымі жалю выглядаюць хамелеоны, пачынаючы ад правіцеля-дэмагога і да «экспертаў», якія на БТ збіраюцца ў «Клубе редакторов», пiша Сяргей Законнікаў для sn-plus. com. Пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне, моцны націск імперскай Расіі ў інтэграцыйнай валтузні прымусілі ўзурпатара і цэрбераў рэжыму ліхаманкава шукаць не толькі эканамічны, фінансавы, але і прапагандысцкі паратунак. Яны закруціліся, як уюны на гарачай патэльні. Незалежнасць суверэннай Беларусі, якой цынічна гандлявалі «вялікі інтэгратар» і яго служкі, пачынаючы з 1994 года, раптам стала для іх «святой і непарушнай». А я раю тым суайчыннікам, у каго кароткая памяць, згадаць дарэшты ўсё, што раней гаварылася і рабілася, як рыхтавалася пастка. Насуперак апалагетам А. Лукашэнкі, палітолагам і журналістам, якія лісліва і бессаромна ўзвялічваюць яго як «ратавальніка беларускага народа ад галоднай смерці», я, як і многія публіцысты, даўно сцвярджаю ў друку, што пасля набыцця незалежнасці стасункі паміж Беларуссю і Расіяй можна было будаваць абсалютна інакш.