![]()
Беларусы ЗША ўрачыста адкрылі Алею Змагароў. У Саўт-Рыверы, што з’яўляецца адным з цэнтраў беларускай эміграцыі ў ЗША, 8 снежня ушанавалі памяці паўстанцаў Слуцкага збройнага чыну 1920 года, піша «Новы Час». Адбылося адкрыццё Алеі Змагарам за Вольную Беларусь. Беларусы правялі таксама мітынг-пратэст супраць падпісання інтэграцыйных пагадненняў паміж Беларуссю і Расіяй. На мітынгу было адзначана, што, на жаль, цяпер грамадзянская супольнасць у Беларусі пазбаўленая магчымасці ўплываць на працэс падрыхтоўкі і падпісання засакрэчаных дакументаў па «пашырэнні інтэграцыі» паміж Беларуссю і Расіяй:«Мы, беларусы Амерыкі, лічым сваім абавязкам данесці да міжнароднай супольнасці факт заключэння нелегітымнай уладай у Беларусі дамоваў з Расіяй, якія наўпрост пагражаюць Беларусі стратай суверэнітэту. Слава Айчыне! Жыве Беларусь!»З канца 19 стагоддзя славянскае насельніцтва беларускіх зямель пачало эмігрыраваць пераважна ў Саўт-Рывер. Найбольшы прырост беларускага насельніцтва горад атрымаў у 1950-х гадах, пасля заканчэння Другой сусветнай вайны.