![]()
Віленскім пахаваннем выбудоўваюцца грамадзянскія гарантыі для беларускай незалежнасці. На мінулым тыдні сваімі вачыма, а трапней будзе сказаць сваімі сэрцамі і душамі, на гэтай старонцы пра пахаванне Кастуся Каліноўскага 22 лістапада ў Вільні выказваліся Уладзімір Хільмановіч і Віктар Сазонаў. Гэты апошні асабіста — эмацыянальнымі словамі — папоўніў аўтарскі цыкл фельетонаў пад знамянальным загалоўкам «Дэпутаты Каліноўскага». Менавіта нашы гродзенскія сябры і супрацоўнікі рэдакцыі Уладзімір Хільмановіч, Віктар Сазонаў, святой памяці Дзіма Кісель і свіслацкія актывісты пакойны Віктар Дзесяцік і Юры Глебік і іншыя ўжо чвэрць стагоддзя ў Свіслачы і Якушоўцы ахоўваюць памяць Кастуся і Віктара Каліноўскіх — беларусаў, якія захацелі кінуць выклік тагачаснай рускай імперыі. Згаданыя людзі разам са сваімі паплечнікамі ўзялі на сябе цяжар выбудоўвання незалежнай, нацыянальнай і дзяржаўнай беларускай памяці. А з чым, як не з усім, што беларускае па дзяржаўным характары, змагаюцца прамаскоўскія сілы ва ўладных структурах Рэспублікі Беларусь? Бо дзе ж сэнс і логіка караць патрыётаў, якія сваімі намаганнямі пацвярджаюць суверэнітэт Беларусі.