![]()
Усё залежыць ад нас. Напярэдадні трывожных падзеяў для беларусаў – сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна і магчымым падпісанні інтэграцыйных дакументаў і дарожных мапаў – вядомы беларускі журналіст і абаронца Курапатаў Марат Гаравы выказаў «Рацыі» сваё стаўленне да гэтых падзеяў. Таксама журналіст распавёў пра абарону Курапатаў, ініцыятыву «Эксперты ў абарону Курапатаў» і пра прапанаваныя праекты беларускіх і замежных архітэктараў, скульптараў і мастакоў па мемарыялізацыі гэтай беларускай гісторыка-культурнай каштоўнасці. - Вы ўваходзіце ў грамадзянскую ініцыятыву «Эксперты ў абарону Курапатаў». Распавядзіце пра яе больш падрабязна: хто ў яе ўваходзіць і чым вы займаецеся. Гэтая ініцыятыва была створаная напрыканцы 2013 года. Я вельмі шкадую, што мы не стварылі яе раней, таму што, каб мы стварылі яе раней, то больш дапамаглі б Курапатам, чым мы змаглі. Галоўныя напрамкі нашай дзейнасці – гэта даследаванне Курапатаў, працяг таго, што зрабілі нашыя папярэднікі, папулярызацыя ведаў пра Курапаты, паўсюдная абарона Курапатаў перад грамадствам і ўладай, у першую чаргу ў судах.