![]()
Праваабаронца заклікаў на салідарнасці з арыштаваным па палітычных матывах. Полацкі блогер Алесь Круткін быў затрыманы 28 лістапада і на наступны дзень пакараны судом Полацкага раёна 15 суткамі арышту. Яго пакаралі толькі за тое, што ён перапосьціў у сацсетках інфармацыю з заклікам прыйсьці на мітынг падчас выбараў. Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік заклікае падтрымаць рэпрэсаванага па палітычных матывах актывіста, піша «Віцебская вясна». «Салідарнасьць – вялікая каштоўнасьць, асабліва ў краінах, дзе ўлады душаць сваіх палітычных апанэнтаў і грамадзянскіх актывістаў. Нашыя спагада і ўзаемадапамога ў значнай ступені дэвальвуюць эфэкт рэпрэсій, нівэлююць страх, рэабілітуюць у вачах грамадзтва апазыцыйна настроеных грамадзян», – піша праваабаронца. «Таму заклікаю ўсіх неабыякавых людзей неадкладна падтрымаць грамадзкага актывіста і блогера Алеся Круткіна. Ён рэпрэсаваны па палітычных матывах і адбывае пакараньне ў выглядзе арышту тэрмінам на 15 сутак ў ІЧУ пры Полацкім раённым аддзеле міліцыі.