Не бойся!

Сумленным людзям баяцца няма чаго. Словы «Не бойся!» не ўваходзяць у звыклы пералік асноўных хрысціянскіх запаведзяў, але Кніга Ісаія 43:1 раскрывае глыбінную сутнасць і важнасць мудрага выразу. У зямным свеце, дзе пастаянна нараджаецца шмат розных сумненняў і страхаў, чалавек заўсёды перамагае іх з дапамогаю веры. Можна па-рознаму ставіцца да рэлігіі, да духоўнасці, але Вышэйшы Суд, які немагчыма ні падкупіць, ні падмануць і пазбегнуць якога не ўдасца абсалютна нікому, ёсць. Дарэмна гэтую спрадвечную ісціну ігнаруюць нахабныя ўзурпатары ўлады і іх паслугачы ў цывільным адзенні і ў пагонах, усе хлусы, фальсіфікатары, жулікі, карупцыянеры і садысты, якія з подлай і здзеклівай усмешкай саманадзейна кажуць: «Пасля нас — хоць патоп!». Сумленным людзям, а іх у чалавечай грамадзе значна болей, баяцца няма чаго. Яны толькі павінны яднацца, станавіцца сапраўднай раднёй, вялікай сілай у змаганні са злом. У час масавага тэрору ў СССР неадукаваныя, абмежаваныя нкусаўцы выдумлялі вар’яцкія абвінавачванні для таленавітых, разумных грамадзян, якія не прымалі, крытыкавалі сталінскую дыктатуру.