Непадцэнзурны Каліноўскі

Нацыянальны герой мацней за прапагандыстаў з БТ. На мінулым тыдні ў Вільні перапахавалі парэшткі Кастуся Каліноўскага. Падавалася б, для Беларусі гэта павінна быць падзеяй нацыянальнага маштабу. Усё ж Каліноўскі заўсёды быў нашым героем: «Люблю Беларусь! — То ўзаемна!». Але афіцыйныя беларускія СМІ надалі гэтаму непрапарцыйна мала ўвагі. Дый яшчэ і падцэнзуравалі рэпартажы з падзеі, абрэзаўшы з кадраў бел-чырвона-белыя сцягі. Даволі дзіўнае стаўленне да асобы Кастуся Каліноўскага. Нават у савецкія часы яго постаць не без скрыпу, але ўпісвалася ў афіцыйную ідэалогію і афіцыйную гісторыю — як барацьбіта з царызмам і ініцыятарам вызвольнага паўстання. Падавалася б, калі Беларусь — краіна, злепленая па савецкіх лякалах (што заўсёды падкрэсліваецца нашым правадыром: «Мы ўзялі ўсё лепшае ад СССР»), то і стаўленне да героя павінна быць адпаведным. Але ж не. Нават тыя рэпартажы, якія асвятлялі гэту падзею, былі нейкія «вокамгненныя». Нібыта, перапахаванне такой постаці ў беларускай гісторыі — шараговая з’ява.