Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў працягвае біцца за праўду

З’явіліся новыя факты, звязаныя з Курапацкай вартай. Як раней паведамляў «Новы Час», 27 чэрвеня 2018 года Злата Савостава за стырном аўто «Таёта» наехала на ўдзельніка Курапацкай варты Леаніда Кулакова. Пасля наезду машына зехала з месца здарэння. Леаніда Кулакова забралі ў шпіталь на «хуткай». У яго быў дыягнаставаны пералом локцевага сустава левай рукі, пасля зажыўлення рука часткова страціла працаздольнасць. Пацярпелы падаў у суд пазоў супраць Златы Савоставай. Па ім суддзя Першамайскага суда Мінска Наталля Петух пастанавіла спагнаць з маці адказчыцы Святланы Савоставай (паколькі ёй належыў аўтамабіль) маральную кампенсацыю ў памеры 500 рублёў, 34 рублі 93 капейкі за экспертызу, а таксама 76 рублёў 50 капеек дзяржпошліны. Пасля таго пасяджэння Леанід Кулакоў напісаў заяву, у якой запатрабаваў спагнаць з адказчыцы грошы за правядзенне дадатковай медыцынскай экспертызы, сродкі на якую збіралі талакой. Суд пастанавіў, што кошт экспертызы — 1870 рублёў — Кулакоў і Савостава аплацяць напалам, гэта значыць, па 935 рублёў кожны.