«Зменіцца рэжым — і на Случчыне з'явяцца вуліцы ў гонар паўстанцаў»

Беларус распавёў пра Дзень Герояў сваёй мары. Як варта ўшаноўваць памяць слуцкіх паўстанцаў, і чаму мітынгі , прысвечаныя ўгодкам гістарычнай падзеі ў Слуцку збіраюць мала мясцовых жыхароў?Кіраўнік Слуцкай арганізацыі Партыі БНФ, Мінскі абласны каардынатар руху «За свабоду» Віталь Амяльковіч шмат гадоў арганізоўваў акцыі да ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну. У інтэрвю «Салідарнасці» ён распавёў пра Дзень Герояў сваёй мары. Віталь Амяльковіч, здымак з асабістага архіву Дарэчы, сёлета буйнога мерапрыемства з мітынгам і шэсцем БНФ, Рух «За Свабоду», Рух салідарнасці «Разам» і Малады Фронт не плануюць праводзіць. — Па-першае, на гэта няма грошай. Пасля таго, як былі ўнесеныя змены ў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, за тое, каб правесці мітынг і шэсце, трэба плаціць немалыя грошы. Па-другое, шмат хто не хоча плаціць прынцыпова, бо свабода выказвання сваёй думкі і правядзення мірных сходаў гарантаваныя нам Канстытуцыяй. У коле арганізатараў, якое звычайна праводзіла мерапрыемствы да ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну, прынятае рашэнне, што лепш падрыхтавацца да стагоддзя паўстання ў наступным годзе і распрацаваць пад гэта вялікую праграму ўрачыстасцяў.