![]()
Дагэтуль быў вядомы толькі адзін верш аўтарства беларускага героя. Аўтар кнігі «Кастусь Калиновский. Страницы биографии» (Мн. 1988) доктар філязофскіх навук Вячаслаў Шалькевіч прадставіў Радыё Свабода права першай публікацыі знойдзенага ім другога верша Кастуся Каліноўскага. Дагэтуль быў вядомы толькі адзін верш аўтарства Каліноўскага «Марыська чарнаброва, галубка мая» — гэта трэцяя частка «Лістоў з-пад шыбеніцы». У інтэрвію доктар Вячаслаў Шалькевіч вырашыў расказаць пра абставіны знаходкі і патлумачыць, чаму ён не публікаваў фрагмэнт знойдзенага ім верша Каліноўскага раней. — Якія абставіны папярэднічалі вашай знаходцы?— Маім настаўнікам у дасьледаваньні дзейнасьці Кастуся Каліноўскага быў прафэсар Іван Лушчыцкі. Калі я стаў кандыдатам навук, ён мне параіў два шляхі вывучэньня спадчыны Каліноўскага. Адзін — пошук першакрыніц, другі — вывучэньне гістарыяграфіі. Калі ня ведаеш, што пісалі папярэднікі, дык ня будзеш ведаць, як сфармуляваць новыя высновы. Калі я ўжо працаваў у Польшчы, я вырашыў пачаць з гістарыяграфіі і зьвярнуцца да спадчыны польскага гісторыка Гэнрыка Масьціцкага.