![]()
Пра знакавую падзею ў Вільні. Масавы ўдзел патрыётаў Беларусі ў гістарычнай падзеі пахавання Кастуся Каліноўскага і ягоных баявых пабрацімаў стаўся важнаю часткаю беларускага нацыятворчага працэсу. Беларускія ўдзельнікі колькасна дамінавалі падчас правядзення ўсёй цырымоніі, што яскрава сведчыць пра яе безумоўную важнасць і значэнне для нашай краіны. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў Беларусь знаходзіцца ў эканамічным, сацыяпалітычным і гуманітарна-культурніцкім посткаланіяльным становішчы, пры якім нацыянальная ідэнтычнасць з боку дзяржавы не развіваецца, але ўтрымліваецца ў штучна створаным стазісе. Для польскай і летувіскай нацыяў — сцверджаных і інтэграваных у Заходнюю цывілізацыю — пытанні нацыянальнага выжывання і развіцця на сёння не маюць падобнага архіважнага значэння як для беларускай. Ані польскай, ані летувіскай нацыі, у адрозненні ад беларускай, зараз істотна не пагражаюць паглынанне і пераварванне ў межах новай мадыфікацыі расійскага імперскага ўтварэння.