Аршанцы павіншавалі Уладзіміра Караткевіча

Імпрэзы да угодкаў пісьменніка сталі традыцыйнымі. Штогод у дзень народзінаў пісьменніка жыхары Воршы збіраюцца каля помніка Уладзіміру Караткевічу ў парку на беразе Дняпра. Для іх ён не проста знакаміты пісьменнік, а зямляк, які вельмі любіў гэты горад і прысвяціў яму шмат паэтычных радкоў і згадак у празаічных творах, паведамляе racyja. com. Імпрэзы да ягоных угодкаў сталі традыцыйнымі і для гарадскіх уладаў, і для шэраговых аршанцаў, кажа кіраўнік аршанскай філіі Таварыства беларускай мовы Юрый Нагорны:– Збіраюцца 26-га лістапада традыцыйна, аддзел культуры райвыканкама ладзіць літаратурныя чытанні, чытаюць вершы мясцовыя паэты. Потым мы чытаем вершы, ускладаем кветкі, а пасля ідзем на офіс ТБМ, працягваем разважаць пра асобу Уладзіміра Караткевіча, пра нашу нацыянальную свядомасць. Скульптар Ігар Голубеў увасобіў Уладзіміра Караткевіча рамантычным юнаком, з-пад пяра якога нараджаюцца пазнавальныя вобразы. Пра герояў ягоных твораў згадвалі і падчас афіцыйнага мерапрыемства, якое прайшло каля помніка аб 11-й гадзіне.