![]()
Мы любім Кастуся за тое, што ён верыў у здольнасць беларусаў дамагчыся Свабоды і захаваць яе для нашчадкаў. 22 лістапада ў капліцы на віленскіх могілках Росы адбылося ўрачыстае перапахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў — паўстанцаў 1863-1864 гадоў. На гэтую падзею ў Вільню сабраліся беларусы са ўсяго свету, каб пад бел-чырвона-белымі сцягамі разам з грамадзянамі краінаў-суседзяў правесці ў апошні шлях апостала Беларусі і ягоных сяброў. Думкамі пра нацыянальнага героя, што выклікала гэтая вялікая гістарычная падзея, хачу падзяліцца з вамі. Нават цяжка ўявіць, што за 26 гадоў жыцця Кастуць Каліноўскі зрабіў так багата для свайго народу. «За такі час большасць людзей паспявае зрабіць мала. А гэты паспеў стварыць вольную беларускую прэсу, пасеяць насенне народнага гневу, узрасціць яго і зжаць пасеў», — адзначыў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч. Насамрэч, з маленства хлопчык выхоўваўся ў беларускамоўным атачэнні вясковай дзятвы ў Мастаўлянах і Якушоўцы, дзе спрычыніўся да беларушчыны, паглыбіў знаёмства з спадчынай свайго народу падчас навучання ў Свіслацкай гімназіі і Пецярбургскім універсітэце, які закончыў з адзнакай і навуковай ступенню кандыдата права.