Бела-чырвона-белае неба

Здавалася, што і само Воінства Нябеснае ўзяло ў рукі нацыянальныя сцягi. Бела-чырвона-белае неба над Вільняй. Куды не глянеш, паўсюдна гэтыя колеры. І прама, і направа, і налева… І па лініі далягляду, і вышэй лініі далягляду… І яшчэ вышэй таксама… Паўсюдна! Вышэй толькі Бог!Здавалася, што ў гэтыя дні і само Воінства Нябеснае ўзяло ў рукі Бела-Чырвона-Белыя сцягі! Бо ўсё неба ў тых сцягах! А на Зямлі іх так шмат, што напэўна нехта і з самога неба таксама зышоў з такімі сцягамі на грэшную зямлю і стаў у калону сярод прысутных тут людзей. Так ганарова і годна стаялі тыя людзі, што не грэх і не сорам было да іх далучыцца ў гэты дзень і нябеснаму воінству!Увогуле, ў гэтыя дні цяжка было адрозніць зямное ад нябеснага. Воля, Праўда, Роўнасць, Свабода, Беларусь… Гэта зямное ці нябеснае?! Напэўна нябеснае. Але і на зямлі за гэта змагаліся. Змагаліся тыя, чые парэшткі з гонарам і годнасцю перазахоўвалі ў Вільні. Вялікага змагара за гэтыя святыя ідэі Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў 1863-64-га гадоў прыйшлі ўшанаваць кіраўнікі Літвы і Польшчы.