![]()
Пахаванне паўстанцаў сталася сакральным актам яднання сучасных беларусаў. Віленскае ўрачыстае перапахаванне герояў і ахвяраў вызвольнага чыну 1863 года стала для беларускай нацыі стала пакуль найбольш знакавай падзеяй 21-га стагоддзя. Усе, хто змог прысутнічаць гэтыя лістападаўскія дні ў старажытнай крывіцкай сталіцы, праз гады будуць успамінаць свае пачуцці, расказваць дзецям і унукам уражанні перажытага ўшанавання. Усе, хто дажыве да сапраўднай незалежнасці нашай краіны Беларусі, будуць пазней згадваць гэтую падзею як найважнейшую вяху Адраджэння. Перапахаванне, ці як слушна кажуць многія, пахаванне паўстанцаў сталася сакральным актам яднання сучасных беларусаў. Не магу прыгадаць ці была нейкая падобная падзея такога перапахавання ў еўрапейскай гісторыі. Гістарычная праўда адкрываецца не заўсёды хутка, гістарычная справядлівасць у дачыненні да людзей і з’яў тым больш. У гісторыі з пакараннем паўстанцаў смерцю акупантамі і хаваннем месца, дзе карнікі іх закапалі ў зямлю і засыпалі вапнай, прайшло ажно паўтара стагоддзя.