Нарэшце з'явілася надзея

Чаму не адпускаюць Вільня і Каліноўскі? Пахаванне ў Вільні не адпускае… Тое, што людзі за апошнія грошы набывалі квіткі, атрымлівалі візу, каб прыехаць за мяжу на цырымонію пахавання нацыянальных герояў, сведчыць аб тым, што мы не тыя, за каго нас часцяком прымаюць за мяжой. Так. Мы ездзім за мяжу, каб купіць там танныя тавары, ці проста падыхаць паветрам вольнай краіны, бо мы ж пазбаўленыя ўсяго гэтага ў сябе. Але, калі спатрэбілася, то мы здолелі зрабіць выключна прынцыповы ўчынак. 22 лістапада ня толькі літоўскія абывацелі, але мы самі паглядзелі на сябе іншымі вачыма. Мы ехалі аўтобусамі, цягнікамі, ляцелі самалётамі, каб потым пайсці са сваімі сцягамі за трунамі нашых паўстанцаў. Мы ішлі, радаваліся, што нас багата, што яшчэ жывыя, і плакалі. Аб чым плакалі беларусы ў Вільні? Можа аб тым, што нашых продкаў, якія спрабавалі здабыць нам свабоду, бязлітасна забівалі, везлі ў Сібір, адбіралі маёмасць, гісторыю, памяць. . . Можа, аб тым, што нічога па-сутнасці не змянілася дагэтуль.