Івонка Сурвіла ў Вільні: Мы лічым сябе абаронцамі незалежнасці Беларусі

А дарогу да адраджэння паказаў Каліноўскі. Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла прыняла ўдзел у пахаванні паўстанцаў у Вільні. На думку старшыні Рады БНР, беларускае адраджэнне пачалося ад Кастуся Каліноўскага. «Каліноўскі паказаў дарогу адраджэння. Ён быў вялікі патрыёт, любіў Беларусь як ніхто. Яго кліч: «Каго любіш? Люблю Беларусь!», паказвае ў якой ступені Беларусь была ў сэрцы гэтых людзей. Для мяне ён сімвал адраджэння», — сказала старшыня Рады БНР у каментары «Радыё Рацыя». Урачыстасці ў Вільні таксама сталі нагодай для правядзення пасяджэння Рады БНР. Як падкрэслівае Івонка Сурвіла, вялікай пагрозай для незалежнасці Беларусі з’яўляецца пагадненне пра інтэграцыю Беларусі і Расеі. «Цяпер нас вельмі пераймаюць старанні Пуціна неяк уключыць Беларусь у сваю імперыю. Страшэнна пераймае, хаця некаторыя людзі ў гэта не вераць, але я думаю, што ён сапраўды мае гэта на мэце. Будзем глядзець, якім спосабам можна адэкватна змагацца супраць гэтага. Мы лічым сябе абаронцамі незалежнасці Беларусі», — сказала старшыня Рады БНР.