Грэка-каталіцкі святар: Адбылося вяртанне справядлівасці ў дачыненні да Каліноўскага з паплечнікамі

У Вільні прайшло набажэнства за супакой паўстанцаў. Грэка-каталіцкае набажэнства за супакой паўстанцаў 1863-1864 гадоў прайшло ў віленскіх славутых Базыльянскіх мурах 23 лістапада. Узначаліў урачыстую літургію апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. На службе былі святары і вернікі з розных гарадоў Беларусі, вядомыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі з розных краін свету, перадае «Радыё Рацыя». Кажа айцец Яўген Усошын: «Мы ўзгадвалі ўсіх паўстанцаў, якія былі пахаваныя ўчора – Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў. Адбываецца гэткае выпраўленне крыўдаў, якія былі зробленыя людзям, якія маюць права на годнае пахаванне і належнае ўшанаванне. Тым больш, што гэтыя людзі не толькі для беларускага народу, але і для іншых народаў маюць вялікае значэнне. Гэта тым больш надае большую вагу гэтаму ўсяму». Кажа Мірон Крывіч: «Кастусь Каліноўскі і іншыя паўстанцы сказалі – мы павінны навучыцца любіць. І гэта было іх галоўным паролем – любіць Беларусь! Гэта значыць, любіць і Бога, бо Бог даў нам гэтую зямлю, Бог даў нам нашу мову і мы павіны гэта любіць.