![]()
Перапахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага - падзея стагоддзя. Падзеяй стагоддзя лічыць грамадскі і палітычны дзеяч Вінцук Вячорка адкрыццё парэшткаў Кастуся Каліноўскага і іх перапахаванне, запланаванае ў Вільні на 22 лістапада, паведамляе “Радыё Рацыя”. Таму Вячорка, як і сотні, а магчыма і тысячы беларусаў, збіраецца наведаць сталіцу Літвы і паўдзельнічаць у мемарыяльных цырымоніях:– Я паеду на перапахаванне. Такія падзеі адбываюцца напэўна раз у жыцці, раз у стагоддзе. І несумненна, усе людзі, якім важна аднаўленне нашай гістарычнай памяці, мусяць быць там і ўдзельнічаць у гэтай урачыстасці хаця б дзеля таго, каб там было беларускае вока і беларускі дух. Кастусь Каліноўскі – адзін з тых людзей, якія запачаткавалі сучасную, мадэрную беларускую нацыю. Ягоны чын быў тым мастком, які злучыў імкненне адрадзіць колішнюю Рэч Паспалітую двух, дакладней кажучы, трох народаў, калі людзі яшчэ не надта ўсведамлялі да якой канкрэтна будучай нацыі яны належаць. І з другога боку, новы нацыянальны беларускі рух другой паловы 19 стагоддзя.