![]()
«Каго любіш? — Люблю Беларусь. — То ўзаемна!». Так віталі адзін аднаго паўстанцы Каліноўскага. Чаму ня «што» любіш? Ведаючы адказ, трэба ж «што», так? Каго — толькі чалавека. Яшчэ — Бога. А тут трэці адказ, нароўні зь першымі. Але займеньнік «каго» ўсё ж на месцы — бо маці проста любяць. Гэта клясычны пароль — часткі ня маюць сэнсу самі па сабе. Гэта цэласнае выказваньне, праграма паводзінаў і жыцьця для сябе, сяброў, будучыні. Калі яе падзяліць, страчваецца сэнс. Цэлае большае за суму частак. Толькі калі яны гучаць разам, успыхвае сьвятло, і ўсё становіцца ясным: хто мы, што адбываецца, што рабіць. Гэта самы прыгожы пароль ва ўсясьветнай гісторыі. Самы рамантычны і самы практычны. І самы надзейны. Яго немагчыма ўзламаць, хакерскія атакі доўжацца паўтара стагодзьдзя, а ён па-ранейшаму працуе: адкрывае доступ да аднаго лёсу, не прапускае іншы. Просты тэст: задайце гэтае пытаньне прызначаным дэпутатам і сэнатарам, удзельнікам выбарчай хлусьні — каго яны любяць? Розныя людзі ёсьць сярод дырэктараў і міністраў, судзьдзяў і генэралаў — і яны таксама часам кажуць — «Люблю Беларусь».