![]()
Прадстаўляць беларусаў на перапахаванні паўстанцаў у Вільні будуць і жыхары Беласточчыны. “Радыё Рацыя” гутарыць пра гэта з кіраўніком Беларускага саюзу ў Польшчы Яўгенам Вапам. Удзел беларусаў Падляшша асабліва сімвалічны хаця б таму, што кіраўнік паўстання 1863-1864 гадоў Кастусь Каліноўскі нарадзіўся ў Мастаўлянах і хрысціўся ў Ялоўцы, абедзве вёскі знаходзяцца з польскага боку сучаснай мяжы. – Вядома, што Кастусь Каліноўскі – гэта неад’емная частка гісторыі ўсіх беларусаў, у тым ліку беларусаў Падляшша. Ужо ў 60-х гадах беларускі тыднёвік “Ніва” ініцыяваў акцыю надання імя Кастуся Каліноўскага дому культуры ў Гарадку. І таксама пабудова новага дома культуры адбылася за ахвяраванні людзей з Беласточчыны. І па сёння ён носіць імя Каліноўскага. У Беластоку ёсць вуліца імя Каліноўскага, а нядаўна ў саміх Мастаўлянах быў пастаўлены помнік Кастусю Каліноўскаму. І гэта сімвалічна, вёска знаходзіцца на польска-беларускай мяжы, і асоба Кастуся Каліноўскага і яго роля ў нашай гісторыі з’яўляецца прадметам дыскусіі і спору.