Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі

Герояў беларусы маюць шмат, а Кастусь ў нас адзін. Азначэньне «герой» — неадпаведнае постаці Кастуся Каліноўскага, яно недакладна вызначае ролю гэтага чалавека ў беларускай гісторыі. Герояў беларусы маюць шмат, а Каліноўскі ў нас адзін. І вось чаму. Як слова «нацыя» і вытворныя ад яго блытаюць галовыТэрмін «нацыянальны» — амбівалентны, ён мае і палітычны (сацыялягічны), і этнічны зьмест. З аднаго боку, мы гаворым, што нацыі ўзьніклі ў часы мадэрну і вызначаем іх розныя тыпы, а зь іншага боку кажам «нацыянальныя строі беларусаў», маючы на ўвазе чыста этнічную зьяву. Гэтай амбівалентнасьці ня трэба баяцца, і ня трэба зацыклівацца на адным зь яе бакоў. У рэшце рэшт, на сьвеце існуе беларускі народ, які жыве ў сваёй дзяржаве Беларусі. Гэта ён стварыў беларускую нацыю, да якой пры жаданьні могуць свабодна далучыцца (і далучаюцца) іншаэтнічныя жыхары Беларусі. Адпраўным пунктам нацыі лічыцца момант, калі з народных шэрагаў вылучаецца вялікая група людзей, якая ставіць сабе за мэту абарону правоў гэтага народу палітычнымі сродкамі.