![]()
21 лістапада ў мінскі пракат выходзіць амерыканская камедыя «Шлюбная гарачка», агучаная на беларускую мову «Тутэйшын Студыяй». Гэта працяг новага сумеснага праекта відэасервісу VOKA і сеткі кінатэатраў Silver Screen Cinemas, створанага для таго, каб навінкі сусветнага кіно ў Беларусі нарэшце можна было глядзець у якаснай агучцы на беларускай мове.
Існуе меркаванне, што камедыі – гэта самы складаны для перакладу жанр кіно. Шмат гледачоў кажуць, што пры пераагучцы да 50% жартаў проста знікаюць. Менавіта таму «Тутэйшын Студыя» прыняла гэты выклік і выбрала новую камедыю ад рэжысёра Роберта Лукеціча, які вядомы глядацкімі хітамі: «Бландзінка ў законе», «Голая праўда», «Дваццаць адно» і іншымі. Пераклад робіцца менавіта з мовы арыгінала, а для жартаў, зразумелых толькі для амерыканцаў, падбіраюцца тутэйшыя адпаведнікі. Беларускі глядач мусіць смяяцца не менш гучна за амерыканскага ў тых жа самых месцах – гэта асноўнае правіла студыі.
Мара, галоўная гераіня новай стужкі майстра рамантычных камедый, – тыповая прадстаўніца пакалення Y, у якой можна пазнаць шмат каго са сваіх знаёмых: яна кажа, што жыве адным днём, марыць аб творчай прафесіі і зусім не верыць у шлюб і доўгія адносіны.