Во даюць дразда!

Нам трэба распазнаваць праўду і хлусню. Галоўныя аўтары беларускіх палітычных, эканамічных, ідэалагічных і сацыяльных фантазій атабарыліся ў Драздах, а таму натуральна, што пасля ўключэння тэлевізара або радыё многія грамадзяне, шакіраваныя пачутым, выгукваюць: «Ну і ну! Нічога сабе! Во даюць дразда!»Дзеля справядлівасці зазначу, што на хлуслівую прапаганду насельніцтва рэагуе па-рознаму. Частка людзей (у асноўным прадстаўнікі старэйшых пакаленняў і кан’юнктурная, набліжаная да ўлады моладзь) слухае навіны ў афіцыйнай інтэрпрэтацыі і нават прымае іх за ісціну, але палова народнай масы, якая пастаянна карыстаецца інтэрнэтам (паводле сацыялагічных даследаванняў каля 50%), наогул не звяртае ўвагі на выдумкі і падтасоўкі афіцыйнага эфіру, трымаючыся вядомай рускай прымаўкі: «Мели, Емеля, твоя неделя». Тым не менш, тэлевізары і радыёпрыймачы ў многіх гарадскіх кватэрах і вясковых хатах уключаюцца па інерцыі і надоўга. Гэтыя крыніцы інфармацыі яшчэ застаюцца ўплывовымі для пэўнай аўдыторыі.