Юрась Губарэвіч: Усе вайсковыя аб’екты, якія не належаць нашай краіне, мусяць быць выкінутыя за тэрыторыю Беларусі

Кіраўнік руху «За свабоду» выступіў на агітацыйым пікеце ў Віцебску. Сябра руху «За Свабоду» Уладзімер Сіманковіч вылучаецца кандыдатам у «дэпутаты» па Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе №19. У нядзелю 3 лістапада падтрымаць яго прыехаў у Віцебск кіраўнік руху Юрась Губарэвіч. У гэты ж дзень ён выступаў і ў Наваполацку – на агітацыйным пікеце, які ладзіла актывістка руху Вольга Дамаскіна, перадае «Віцебская вясна». У сваёй прамове на пікеце Юрась Губарэвіч казаў пра тое, што разьвіцьцё краіны «рухаўцы» бачаць у вяртаньні свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў. Гарадзкая, абласная ўлады, парлямэнт павінны абірацца людзьмі. Калі «народныя слугі» будуць выбірацца на свабодных і дэмакратычных выбарах, то несьці адказнасьць яны будуць непасрэдна перад сваімі выбарцамі, а не перад тымі, хто прызначае іх зараз з «высокіх кабінэтаў». Дваццаць пяць гадоў жорсткага кіраваньня, лічыць Губарэвіч, паказалі, што такімі мэтадамі вывесьці краіну з крызісу немагчыма. Дасюль улады ніяк ня могуць рэалізаваць нават «беларускую мару» – «па 500 даляраў».