![]()
Настаў час нешта вырашаць разам. Аўтар фільму «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы», папулярны блогер NEXTA прапануе прыхільнікам сабрацца ў цэнтры Менску. Да яго далучыліся некаторыя кандыдаты ў дэпутаты і аўтары палітычных каналаў. Што гэта будзе, «Радыё Свабода» гаворыць з ініцыятарам збору Сьцяпанам Сьвятловым. «Я не палітык»— Гэта будзе нешта кшталту палітычнай акцыі зь лёзунгамі?— Я не палітык, і гэта не палітычная сустрэча, рэвалюцый ніхто не плянуе. Гэта проста сход людзей. Я даўно думаў пра гэта, калі чытаў камэнтары, прапановы людзей. Спускавым кручком стаў эмацыйны зварот блогера MozgON пра тое, што настаў час нешта вырашаць разам, абмяркоўваць праблемы, а ня толькі асьвятляць тое, што адбываецца. — Чаму менавіта цяпер?— Цяпер ідзе такая перадвыбарчая лібэралізацыя. Я паразмаўляў з рознымі кандыдатамі, і яны пагадзіліся дапамагчы. Я прасіў, каб гэта было не зьвязана з выбарчай праграмай, каб там не было выступаў кандыдатаў. Яны проста фармальна даюць пляцоўку для бясьпечнага збору людзей.