Шэсць шанцаў, калі ВКЛ магло стаць Каралеўствам Літвою

Чаму Гедзімін, Альгерд, Кейстут і іншыя князі не атрымалі кароны, хоць і маглі. 590 год таму Вялікае Княства Літоўскае магло стаць каралеўствам. У 1429 годзе імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі адправіў у Вільню дзьве кароны: для Вітаўта Вялікага і ягонай жонкі Ўльляны. Вітаўт кароны не дачакаўся, і краіна засталася ў статусе Вялікага Княства. Мы папрасілі гісторыка Васіля Вароніна расказаць пра ўсе шанцы ВКЛ стаць каралеўствам. Іх было больш, чым вы думаеце. Як сярэднявечная краіна магла стаць каралеўствам?Зрабіць дзяржаву каралеўствам у сярэднявечнай Эўропе маглі толькі два чалавекі: Папа Рымскі альбо імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі. Гэта значыць, што каралём мог стаць толькі ўладар-хрысьціянін. Прычым не абавязкова каталік. У 1253 годзе карону ад Папы Рымскага атрымаў праваслаўны князь Даніла Галіцкі. Другая ўмова — гэта статус, веліч і аўтарытэт сярод суседзяў. Васіль Варонін «У сярэдзіне XIII стагодзьдзя Вялікае Княства Літоўскае было магутнай дзяржавай, добра вядомай у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе», — расказвае Васіль Варонін, загадчык аддзелу гісторыі Беларусі Сярэдніх вякоў і пачатку Новага часу Інстытуту гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук.