![]()
Экспазіцыя размясцілася ў касцёле Езуса Міласэрнага. Экспазіцыя, якая складаецца з фотаздымкаў і дакументаў, сабраных удзельнікамі ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты”, размясцілася ў касцёле Езуса Міласэрнага. Біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч падзяліўся з racyja. com сваімі ўражаннямі ад убачанага:– Гэтая выстава нараджае ўдзячнасць тым людзям, якія нашу гісторыю, балючую, памятаюць і робяць так, каб яна не была забытая. Не дзеля таго, каб мець у сэрцы помсту да тых, хто гэта здзяйсняў, а каб навучыцца прабачаць, чаму нас навучаў Езус Хрыстус. Навучыцца шанаваць Божы дар, якім ёсць людское жыццё. На выставе паказвана пяцігадовая гісторыя даследавання аднаго з “расстрэльных месцаў” пад Віцебскам – гэта лясны масіў каля вёсак Хайсы і Дрыколле. У 2014-м годзе мясцовыя жыхары ўбачылі чалавечыя парэшткі, раскіданыя па лесе. Верагодна, гэта былі наступствы пошуку “чорных капальнікаў”, якія шукаюць каштоўнасці і не маюць павагі да чалавечых парэшткаў. У 2017-м годзе было знойдзена яшчэ адно пахаванне невядомых ахвяраў.