Гімн для ваяроў

Як песня «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» увайшла ў найноўшую гісторыю Беларусі. 100 гадоў таму быў апублікаваны верш, які стаў тэкстам гімну Беларускай Народнай Рэспублікі. А ў 1991 годзе ён мог зрабіцца словамі гімну Рэспублікі Беларусі. Зрэшты, гэтак яшчэ можа стацца. Шмат для каго «Мы выйдзем шыльнымі радамі» — галоўная патрыятычная песня і цяпер. Гэты верш пад назвай «Ваяцкі гімн» упершыню быў надрукаваны 30 кастрычніка 1919 года ў газеце «Беларусь», якая выходзіла ў Мінску і галоўным рэдактарам якой быў Язэп Лёсік. Аўтарам верша, які пачынаўся «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», быў дэлегат Першага Усебеларускага з’езду 1917 года, настаўнік Макар Краўцоў. Яго сапраўднае прозвішча — Касцевіч. Псеўданім узяты з сямейнай мянушкі: дзед любіў займацца кравецтвам. У біяграфіі Макара Краўцова — настаўнічанне ў Мінску і Радашковічах, удзел у Слуцкім паўстанні, праца ў дзясятку розных выданняў, у тым ліку ў «Віленскай праўдзе», якая стала выходзіць, калі ў Заходнюю Беларусь у 1939 годзе прыйшла Чырвоная армія.