На Паўстанцкім фэсце ўшанавалі памяць Каліноўскага і герояў 1863 года

Паўстанцкі фэст адбыўся ў Свіслачы. Паўстанцкі фэст – штогадовае свята памяці паўстанцаў 1863-64 гадоў – адбыўся ў Свіслачы 27 кастрычніка. Удзельнікі наведалі магілу Віктара Каліноўскага, помнікі Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту. А таксама з’ездзілі ў Якушоўку – родавую сядзібу Каліноўскіх, дзе стаіць крыж у гонар паўстанца, паведамляе hrodna. life. – Апошнія 20 гадоў мы кожны год прыязджаем у Свіслач, каб ушанаваць Кастуся і Віктара Каліноўскіх і іншых паўстанцаў, – расказвае Вадзім Саранчукоў, які ў 2000 годзе прымаў у Якушоўцы прысягу на вернасць Беларусі ў “Маладым Фронце”. – Тут знаходзілася родавая сядзіба Каліноўскіх, тут прайшло дзяцінства Кастуся Каліноўскага. І гэта тое самае месца сілы дзе ўсё дыхае беларушчынай, якое павінен наведаць кожны беларус. Сёлета ўшанаваць памяць асабліва важна – у год, калі ў Вільні адбудзецца перапахаванне паўстанцаў. – На жаль, беларуская дзяржава не надае дастаткова ўвагі мерапрыемствам, звязаным з паўстаннем і з асобай Каліноўскага: пачынаючы ад адукацыі і заканчваючы вяртаннем у народную памяць.