У Нью-Ёрку адсвяткавалі 60-я ўгодкі Беларускай фундацыі Крачэўскага

Фундацыя дапамагае праектам, скіраваным на развіццё і папулярызацыю беларушчыны. 26 кастрычніка беларусы Нью-Ёрку адсвяткавалі 60-я ўгодкі Беларускай фундацыі Крачэўскага, паведамілі сайту Charter97. org арганізатары мерапрыемства. Гэтая арганізацыя была заснаваная з мэтай збору, захавання і вывучэння дакументальных сведчанняў пра дзейнасць беларусаў у эміграцыі, а таксама фінансавай і інфармацыйнай падтрымкі праектаў, скіраваных на развіццё і папулярызацыю беларушчыны. У святкаванні бралі ўдзел сябры фундацыі і запрошаныя госці. На пачатку святочнага паседжання з прывітальным словам выступіла старшыня Рады дырэктароў Галіна Тумаш. З аповедам пра гісторыю заснавання арганізацыі і першых ахвярадаўцаў выступілі доктар Янка Запруднік - адзін з тых, хто стаяў ля яе вытокаў, і Валянціна Трыгубовіч, сябра Рады дырэктароў і архівіст фундацыі. Доктар Вітаўт Кіпель, дырэктар Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва, падзяліўся ўспамінамі пра доктара Вітаўта Тумаша, першага старшыню Рады дырэктароў фундацыі.