Чым здзівіць гасцей «Венскі баль з А1 у Купалаўскім»?

Падрыхтоўка да «Венскага балю з А1 у Купалаўскім» у самым разгары. Каб на адну ноч Мінск ператварыўся ў Вену, арганізатараў свята – кампанію А1 і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы пры падтрымцы пасольства Аўстрыі ў Беларусі – чакае шмат работы. Некаторыя сюрпрызы, падрыхтаваныя імі для гасцей і ўдзельнікаў свята, сталі вядомыя ўжо зараз. «Венскі баль з А1 у Купалаўскім» адбудзецца 14 снежня. На адну ноч галоўная зала кардынальна зменіцца: з глядзельнай ператворыцца ў бальную. Для гэтага партэр залы будзе вызвалены ад крэслаў, а падлога з дапамогай спецыяльна распрацаванай канструкцыі будзе ўзнята на адзін узровень са сцэнай, каб стварыць роўную паверхню, прыдатную для танцаў. Да таго ж агульная плошча памяшкання будзе значна павялічана за кошт прасторы сцэны, каб кожнаму са шматлікіх гасцей балю было камфортна. Першымі, хто ступіць на паркет трансфарміраванай глядзельнай залы Галоўнай сцэны Купалаўскага тэатра, будуць 20 пар дэбютантаў. Гэтых маладых людзей і дзяўчат бальны камітэт адбярэ з больш як 200 удзельнікаў вочнага этапа кастынгу.