Славутая «Тройца» выступіла ў Канадзе

Беларуская дыяспара сустрэла гурт авацыямі. Этна-трыа Тройца 17-20 кастрычніка візітавала ў канадскім горадзе Таронта. Гурт заснаваны ў 1994 годзе вядомым збіральнікам фальклору Іванам Кірчуком. У сучасны склад гурта таксама ўваходзяць барабаншчык Юры Паўлоўскі і гітарыст Юры Дзмітрыеў. За час свайго існавання гурт даў сотні канцэртаў у шмат якіх краінах свету, у тым ліку ў Германіі, Нідэрландах, Аўстрыі, Венгрыі, Польшчы, Іспаніі, Швейцарыі, Бельгіі, Партугаліі, Славеніі, Харватыі, Эстоніі, Літве, Латвіі, Расіі, Чылі, Малайзіі, піша Новы Час. І, нарэшце, візітаванне ў Паўночнай Амерыцы з адзіным канцэртам у канадскім горадзе Таронта 18 кастрычніка. Візіту гурта папярэднічала шматмесячная інтэнсіўная рэклама ў сацыяльных сетках. І вось 17 кастрычніка апоўдні разышлася навіна са здымкамі з аэрапорту Пірсан: Тройца ў Таронта! 18 кастрычніка — знаёмства з месцам, дзе павінен адбыцца канцэрт, абсталяваннем, музычнымі інструментамі, праверка гуку.