Барыс Кіт — беларус, які даслаў чалавека на Месяц

Што мы ведаем пра нашага генія? Ён застаў дарэвалюцыйную Расію, пад пагрозай жыцця з боку акупацыйнай улады аднавіў дзясяткі ўстаноў навучання, стварыў касмічнае паліва і літаральна запусціў чалавека на Месяц. Барыс Кіт быў самым старым беларусам у свеце і тлумачыў сваё доўгае жыццё беларускімі генамі, а яшчэ шматлікімі заслугамі ўнёс сваё імя ў капсулу часу, якая цяпер ўмураваная ў сцяну амерыканскага Капітолія. Матэрыял Onliner — пра беларускага генія, які вывеў сусветную касманаўтыку на новы ўзровень. Барыс Кіт нарадзіўся 6 красавіка 1910 года ў Санкт-Пецярбургу ў сям’і супрацоўніка Дэпартамента пошты і тэлеграфа. Жыццё ў сталіцы тады было неспакойнае: у горадзе праходзілі рэвалюцыйныя хваляванні, і таму сям’я маленькага Барыса вярнулася на сваю гістарычную радзіму. Гэта была вёска Агароднікі, што знаходзілася непадалёк ад Навагрудка. У 1924 годзе хлопчыка залічылі ў польскую школу ў Карэлічах, а праз два гады ён перайшоў у Навагрудскую беларускую гімназію. Яго вучоба не абмяжоўвалася дакладнымі навукамі: Кіт актыўна вывучаў мовы, гісторыю і праяўляў здольнасці да музыкі.