![]()
Цікавыя факты з гісторыі беларускіх грошай. 25 гадоў таму Беларусь займела ўласную нацыянальную валюту — беларускі рубель. «Радыё Свабода» расказвае цікавыя факты з гісторыі беларускіх грошай. 19 кастрычніка 1994 году Вярхоўны Савет 12-га скліканьня прыняў пастанову, якая замацавала беларускі рубель у якасьці адзінага законнага аплатнага сродку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Да круглай даты ў Музэі сучаснай беларускай дзяржаўнасьці, які разьмяшчаецца ў будынку прэзыдэнцкай адміністрацыі, адкрылася часовая экспазыцыя «Беларускі рубель. Гісторыя ў чвэрць стагодзьдзя». Але з прычыны рэжымнасьці аб’екту трапіць туды звычайнаму чалавеку няпроста. Фото: «Радыё Свабода» І шкада. Сярод купюраў, талёнаў, купонаў ды іншых сьведак фармаваньня фінансавай сыстэмы ёсьць адметная падборка грашовых знакаў, якія маглі істотна паўплываць на ступень самаідэнтыфікацыі беларусаў. Напрыклад, упершыню публічна паказалі праектныя выявы талераў, якія меліся стаць валютай на пачатку 1990-х, але так і не былі надрукаваныя.