«Бахарэвіч глыбейшы за Муракамі»

Заходні дасьледнік пра беларускую літаратуру, эўрапейскасьць і нацыяналізм. Размова «Радыё Свабода» з Томашам Камусэлям (Tomasz Kamusella), навукоўцам са Шлёнску ў Польшчы, які працуе ў Сэнт-Эндрускім унівэрсытэце ў Шатляндыі і займаецца моўнай палітыкай у Цэнтральнай Эўропе, тэорыяй нацыяналізму, этнічнымі меншасьцямі, соцыялінгвістыкай і літаратуразнаўствам. Томаш Камусэла — вялікі аматар і захоплены чытач сучаснай беларускай літаратуры. Колькі славянскіх моваў?— Спадар Камусэля, паколькі я хачу запытаць вас пра ўражаньні ад чытаньня беларускай літаратуры ў арыгінале, то спачатку задам вам агульнае пытаньне: на колькіх мовах вы можаце чытаць?— Цяжка адказаць на такое пытаньне, бо мовы немагчыма палічыць, іх колькасьць зьяўляецца прадметам спрэчак. Магу сказаць, што я даю рады чытаць на большасьці славянскіх моваў, паколькі ведаю польскую мову, у часы камунізму ў школе мяне вучылі расейскай, чэскую я засвоіў падчас навучаньня ў Цэнтральнаэўрапейскім ўнівэрсытэце ў Празе, а з дому вынес шлёнскую.