Мэдаль БНР атрымалі вэтэраны незалежніцкага руху

Узнагароджаны таксама журналіст-папулярызатар беларушчыны. Мэдаль да стагодзьдзя БНР уручаны вэтэранам беларускага незалежніцкага руху, а таксама папулярызатару беларушчыны Глебу Лабадзенку, перадае сайт Рады БНР. Ірына Волкава (Шэйбак) – вязень ГУЛАГ цягам шасьці гадоў, арыштаваная за ўдзел у беларускім руху. Сядзела разам з Надзеяй Дземідовіч і Верай Касмовіч у Кенгіры (Казахстан), дзе была сьведкай вядомага Кенгірскага паўстаньня вязьняў. Яўген Усюкевіч – вайсковец, дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, жаўнер беларускага Наваградзкага коннага эскадрону падчас Другой сусьветнай вайны. Вязень ГУЛАГ. Антон Фурс – актывіст пасьляваеннага Саюзу беларускіх патрыётаў, падпольнай незалежніцкай моладзевай арганізацыі. За ўдзел у ёй арыштаваны, 9 гадоў правёў у лягерах ГУЛАГ у Казахстане. Глеб Лабадзенка – беларускі журналіст, літаратар, актывіст, папулярызатар беларускай мовы.