«Нават на Чукотцы чуў матчыну мову»

Незвычайная гісторыя сына вайскоўца і яго сям’і. У сямейнай пары Кульбіцкіх няма сумневу, якая мова для іх родная. Муж Аляксей і жонка Аляксандра роднаю лічаць беларускую, хаця ў кожнага да яе быў свой шлях, пра які яны і распавядаюць журналісту «Белсата» Глебу Лабадзенку. Аляксандра Кульбіцкая размаўляе па-беларуску апошнія 12 гадоў. Але яна прызнаецца, што часам пад ціскам расейскамоўнага атачэння пачынае думаць і, што цікава, сварыцца па-расейску. Нягледзячы на тое, што дзяцінства Аляксея Кульбіцкага прыпала на савецкія часы, мама з маленства размаўляла з ім і пела яму песні выключна па-беларуску. Бацька быў вайскоўцам, і нават калі сям’я трапіла на Чукотку, мама прыклала ўсе намаганні, каб сын не забыў мовы. Таму беларуская – гэта сапраўды матчына мова для Аляксея. У прафесійным жыцці маладых людзей таксама не бракуе беларускай. Аляксей – арт-дырэктар студыі ўэб-дызайну «PRAS». Маладзён распавядае, што ад самага пачатку заснавальнікі студыі імкнуліся да таго, каб іхная прадукцыя мела беларускі ўхіл.