Нязломны Урублеўскі і пярсцёнак Серакоўскага

Лёсы паўстанцкіх камандзіраў Каліноўскага. Вызвольнае паўстанне 1863–1864 гадоў было адным з нешматлікіх ва ўсёй гісторыі ХІХ стагоддзя прыкладаў, калі найлепшыя людзі паняволенага народа паўсталі супроць велізарнай імперыі. Яны самаахвярна баранілі сваю чалавечую і нацыянальную годнасць, змагаліся за незалежнасць і вяртанне з імперскай «турмы народаў» у Еўропу, да якой спрадвеку належала Вялікае Княства Літоўскае. Цэлы год аддзелы каліноўцаў, якім не хапала зброі ды вайсковага досведу, супроцьстаялі ў шмат разоў большай і выдатна ўзброенай царскай арміі. Гэта стала магчымым не толькі дзякуючы гераізму паўстанцаў, але і таму, што нашых ваяроў разам з Кастусём Каліноўскім узначальвалі адважныя і адданыя справе камандзіры. Многія з іх мелі вайсковы талент і добрую вайсковую падрыхтоўку, маглі высока падняцца па царскай службовай лесвіцы, аднак абралі шлях барацьбы за вольную будучыню роднай зямлі. Бальшыня паўстанцкіх камандзіраў загінула ў баях, на расейскіх шыбеніцах ці на катарзе, астатнія мусілі пакінуць Айчыну.